“Славянскаму базару” патрабуецца рэбрэндынг?
У хуткім часе пачне працаваць юбілейны, дваццаты, "Славянскі базар", які так і не стаў "адным з лепшых міжнародных конкурсаў маладых выканаўцаў". Чаму гэта адбылося, "Тут і цяпер" разважала разам з экспертамі.
Свята мёртвых?
Кампазітар і выканаўца ўласных песень акцёр Віктар Шалкевіч лічыць, што "Славянскаму базару" не хапае "душашчыпальнасці".
"Мне падаецца, што сёння гэты фестываль мала каму цікавы, — выказвае свае думкі спадар Шалкевіч. — І мне, напрыклад, незразумела, чаму гэты фестываль завецца славянскім. Таму што габрэям там няма месца? І калі яго назваць габрэйскім, то куды ісці славянам? А базар — гэта ўвогуле смешна".
Будучыня віцебскага фестывалю Шалкевіча мала цікавіць.
"Мне абсалютна нецікава, што далей будзе са "Славянскім базарам", бо гэта не маё мерапрыемства, не мой фармат, — гаворыць ён. — Я выхаваны на іншай музыцы, якая перадае нейкія пачуцці, на добрых тэкстах. А тое, што робіцца на "Славянскім базары", гэта свята мёртвых.
Фестываль павінен быць шчырым ад пачатку і да канца, альбо, як кажуць палякі, "душашчыпацельным". Калі "Славянскі базар" арганізоўвалі, мо нейкія добрыя намеры і былі, аднак цяпер гэтага не бачна. І ўвогуле, на мой погляд, гэты фестываль праходзіць міма большасці з нас. Ну і дзякуй Богу...".
Ад перамены аркестра вынік... памяняецца?
Народны артыст Беларусі, кампазітар, стваральнік тэорыі творчых хваляў Эдуард Ханок перакананы, што цікавасць да гэтага фестывалю ў народа яшчэ не згасла.
"Хоць па тэорыі хваляў, якой я займаюся, ёсць такое паняцце, як рэшткавая хваля, — разважае Ханок. — Гэта калі ўжо пройдзены пік і далей усё рухаецца проста па інерцыі. Вось прыкладна ў такім стане, на мой погляд, і знаходзіцца зараз гэты фестываль.
Шчыра кажучы, некаторыя рэчы ў арганізацыі "Славянскага базара" мне незразумелыя. Напрыклад, чаму ён праходзіць толькі пад аркестр Фінберга? Пры ўсёй маёй глыбокай павазе да музыкаў і самога Міхаіла Фінберга гэты аркестр, я лічу, не вельмі сучасны. Ён выдатны, высокапрафесійны, але перш за ўсё ён джазавы, а джаз і папса — цалкам розныя рэчы. Я калісьці ездзіў на адзін конкурс у Польшчу, дык там выступаў аркестр, у якім было дзве рытм-групы: адна — для джазавага выканаўцы, а другая — для папсовага. У нас такога няма.
Па маім адчуванні, Прэзідэнцкі аркестр пад кіраўніцтвам Віктара Бабарыкіна нашмат больш зразумелы і сучасны. Яшчэ раз падкрэсліваю, што кажу гэта пры ўсёй сваёй вялікай павазе да Фінберга і яго аркестра.
Што тычыцца папулярнасці фестывалю, то, разумееце, якая штука... Маладосць не бывае бясконцай. Так і гэты конкурс. Я не хачу сказаць, што ён сваё ўжо адыграў — ні ў якім разе! Але падыходы трэба мяняць, каб не застойвацца.
Калі казаць пра папулярнасць, то мне здаецца, што цікавасць да гэтага фестывалю ў народа яшчэ не згасла. І гэта падзея ўсеСНДоўскага маштабу".
Эдуард Ханок — часты госць "Славянскага базара", але ў гэтым годзе ў Віцебску яго, хутчэй за ўсё, не будзе.
"Пакуль не планаваў ехаць на фестываль, — гаворыць ён. — У мяне з'явіўся любімы танцавальны ансамбль, над якім я ўзяў шэфства, і прыкладна ў гэты ж час мы з "Палескай зорачкай" едзем на фэст "Чунга-чанга", які адбудзецца там, дзе Чайкоўскі пражыў рэшткі сваіх дзён, — у вёсцы Фралоўскае пад Клінам Маскоўскай вобласці. А 9 жніўня мы плануем выступіць у Храме Хрыста Збавіцеля ў Маскве, так што клопатаў і запатрабаванасці ў мяне хапае".
Без кардынальных змен ніяк!
Спявак, гітарыст і кампазітар Алег Хаменка адразу называе сем пунктаў рэарганізацыі "Славянкі".
"Згодна з сучаснымі тэхналогіямі менеджменту, кожныя 6—8 гадоў фэст павінен мяняць свой фармат, у тым ліку абнаўляць творчую каманду, інакш адбываюцца застойныя з'явы, і цікавасць да мерапрыемства, яго камерцыйная паспяховасць надта зніжаюцца, — гаворыць Хаменка. — А за апошняе дзесяцігоддзе змены ў фармаце "Славянскага базара" былі малазаўважнымі, таму стаўленне да яго будзе пагаршацца.
Аднак, здаецца, у 2003 годзе неяк абнавіўся конкурс маладых выканаўцаў, і хоць там было шмат спрэчных момантаў, гэта пайшло на карысць фэсту.
Да таго ж два гады таму была распаўсюджана інфармацыя пра конкурс на новую канцэпцыю "Славянскага базара". Я прапанаваў сваім студэнтам у межах курсавых работ прадставіць уласную стратэгію развіцця гэтага фэсту. Прапановы былі прыкладна наступнымі:
- Змена легенды фэсту — віншаванне, узнагароды прадстаўнікоў 14 славянскіх краін, якія дасягнулі поспехаў у прапагандзе папулярнай (нацыянальнай) культуры.
- Адзначэнне ўнёску прадстаўнікоў 14 славянскіх краін у сусветную культуру.
- Скарачэнне канцэртных праграм да 2-3 дзён.
- Правядзенне канферэнцый спецыялістаў па славянскім мастацтвазнаўстве.
- Прамыя рэпартажы аб цэрымоніі ўзнагароджання пераможцаў па дзяржтэлеканалах 14 славянскіх краін.
- Рэбрэндынг цяперашняй назвы фэсту ў "Славянскі кірмаш".
- Прапаганда Рэспублікі Беларусь як калыскі славянскай культуры.
Такія змены і на мой погляд былі б вельмі карыснымі для нашай краіны і сталі б лагічным працягам састарэлай канцэпцыі "трыадзінага братэрства", якая выкарыстоўвалася раней. Ад сябе дадам: "конкурс выканаўцаў" трэба захаваць, але зусім неабавязкова праводзіць яго на галоўнай сцэне.
Па выніку: такі фэст надта патрэбны нашай краіне, але з-за таго выгляду, у якім мы яго сёння назіраем, ідэя магутнага музычна-культурнага міжнароднага фэсту ў Рэспубліцы Беларусь дэвальвуецца".
Напярэдадні
"Буранаўскія бабулі" прыедуць на "Славянскі базар"
Яны, паводле слоў гендырэктара цэнтра культуры "Віцебск" Радзівона Баса, прымуць удзел у канцэрце ўрачыстага адкрыцця XXI Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску".
На галоўным канцэрце "Славянскага базара" таксама выступяць Ірына Алеграва, Валерыя, Леў Лешчанка, Аляксандр Рыбак і іншыя.
У конкурсе выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск" будзе спаборнічаць 21 артыст. Беларусь на конкурсе прадставіць 23-гадовы Яўген Доліч, Расію — 22-гадовая Настасся Казлова, Украіну — 29-гадовая Галіна Конах. Журы конкурса ўзначаліць кампазітар Максім Дунаеўскі.
Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" адбудзецца з 12 па 18 ліпеня. Фестываль праходзіць пад патранатам А. Лукашэнкі.
Кошт квіткоў на фестывальныя мерапрыемствы складае ад 20 да 750 тысяч беларускіх рублёў.
http://news.tut.by/kaleidoscope/293597.html