Магіляўчане просяць не будаваць гандлёвы цэнтр у Падміколлі
Тэма гэта ўжо не новая. За апошні год яе не перастаюць абмяркоўваць. Знешнім выглядам горада занепакоены не толькі магіляўчане, сам Прэзідэнт лічыць, што Магілёву не хапае «глянцу і гармоніі». Налета будзе зацверджаны генплан Магілёва, але дагэтуль некаторыя дэталі яго так званага чарнавога варыянта выклікаюць неадназначную рэакцыю ў магіляўчан. У прыватнасці, гэта датычыцца лёсу будучага парка ў Падміколлі. На сайце Магілёўскага гарвыканкама можна ў дэталях паглядзець, як ён будзе выглядаць. Напрыклад, пад нумарам 281 паміж дзеючым Свята-Мікольскім манастыром і будынкам гарводаканала... прапісалася фестывальная пляцоўка з трыбунамі, накіраванымі ў бок Задняпроўя. А на самай броўцы плошчы Арджанікідзэ пазначаны шматфункцыянальны гандлёва-забаўляльны комплекс з офіснымі памяшканнямі. Менавіта гэтыя 2 аб'екты вызвалі рэзкі пратэст з боку пэўнай часткі жыхароў. Яны звярнуліся ў наш карпункт, каб яшчэ раз прыцягнуць увагу да гэтай тэмы.
Запаведны куток
Аляксандр Белахвостаў — шматдзетны бацька, гісторык па адукацыі і проста чалавек, якому неабыякава, у якім горадзе будуць жыць яго дзеці. Ён рашуча выступае супраць таго, каб запаведны гістарычны куточак горада пераўтвараўся ў гандлёва-забаўляльны цэнтр. Тут перамяшаліся культурныя пласты некалькіх вякоў. У XVI стагоддзі гэта тэрыторыя называлася Пакроўскі пасад — па імені пабудаванага смаленскімі купцамі Свята-Пакроўскага храма. У суседстве адно з адным тут мірна суіснавалі касцёл Святога Антонія, манастыр бернардзінцаў ды сінагога. Ансамбль богаўгодных устаноў гарманічна дапаўняла шчыльная жылая забудова з мноствам садоў.
— У XVІІІ стагоддзі вунь там, непадалёк ад Свята-Мікольскага манастыра, праходзіла Старачарнігаўская вуліца, па якой Аляксандр Пушкін ехаў у ссылку ў Адэсу, а потым па ёй жа вяртаўся назад, — разам з Аляксандрам Белахвоставым мы прайшліся па некалі густанаселенаму пасаду, дзе зараз плануецца разбіць парк. — Ёсць запісы царскага стольніка Талстога, які апісаў і манастыр, і тое, як увесь горад патанаў у садах.
На дэталёвым плане шматфункцыянальны гандлёва-забаўляльны комплекс з офіснымі памяшканнямі пазначаны якраз на тым гістарычным месцы, якое носіць назву Касцерня.
Назва замацавалася пасля таго, як у 1661 годзе ў Магілёве адбылося паўстанне гараджан супраць стралецкага гарнізона маскоўскага цара Аляксея Міхайлавіча Найціхага, падчас якога было забіта 7 тысяч стральцоў. І тут усе яны, па меркаванні гісторыкаў, пахаваныя. «А нядаўна даведаўся яшчэ пра адзін цікавы факт, — кажа Аляксандр. — Адкрыў кнігу «Лепшыя ў Беларусі: турыстычны даведнік» і чытаю: за тое, што горад перабіў 7 тысяч воінаў, патрыярх Нікан абвясціў яму анафему. І яна не знятая дагэтуль. А мы збіраемся будаваць на гэтых костках забаўляльныя ўстановы».
Тая са*мая Кас*цер*ня, дзе па пла*нах бу*дзе бу*даў*ніц*тва шмат*функ*цы*я*наль*на*га ганд*лё*ва-за*баў*ляль*на*га цэнт*ра.
Малітва патрабуе цішыні
Падчас Вялікай Айчыннай вайны гэты абжыты стагоддзямі раён быў сцёрты з твару зямлі. Немцы арганізавалі тут рубеж абароны і цалкам спалілі ўсе драўляныя будынкі, каб яны не заміналі агляду. Пасля вайны і да нядаўняга часу тут было царства баршчэўніку і стыхійнага кустоўя. Мэр горада Уладзімір Цумараў нарэшце вырашыў навесці парадак. Зараз ёсць унікальная магчымасць максімальна аднавіць гэту частку горада, прычым не закранаючы інтарэсы насельнікаў тутэйшага Свята-Мікольскага манастыра. Доўгі час святое месца заставалася ўдалечыні ад гарадскога шуму. І зараз тут вельмі хвалююцца за яго будучае. Бо ніхто так і не патлумачыў, што хаваецца за той самай фестывальнай пляцоўкай, якая па плане размесціцца ў некалькіх сотнях метраў ад манастырскіх сцен. Улічваючы ўнікальную прыродную акустыку гэтага месца, забаўляльныя функцыі могуць вельмі адчувальна сапсаваць малітоўную аўру манастыра.
— Мы вельмі турбуемся — і я, і сёстры, і веруючыя, — кажа ігумення манастыра Ефрасіння. — Мы чыталі шматлікія выказванні магіляўчан за тое, каб тут застаўся парк ціхага адпачынку. Людзі хочуць спакойна гуляць з маленькімі дзецьмі — без рызыкі трапіць пад колы машын. Некалькі гадоў таму мы ўжо падвяргаліся нападкам з боку агрэсіўнай моладзі. Яны кідалі ў вокны келляў камяні. А што чакаць ад падагрэтых гучнай музыкай і півам людзей?
Не разумее матушка, як фестывальная пляцоўка будзе стасавацца са Свята-Пакроўскім храмам і музеефікаванымі падмуркамі званіцы ў гонар архангела Міхаіла, за аднаўленне якіх узяўся манастыр. Праект ужо аплачаны, і тут чакаюць дазволу на будаўніцтва. «Мы пачалі афармляць дакументы яшчэ 2 гады таму. З 2014 года нашы прыхаджане ідуць на месца былой Пакроўскай царквы і чытаюць акафіст. Людзі ахвяруюць, хто колькі можа. Мы гэтыя грошы збіраем на разліковы рахунак. На нулявы цыкл адназначна хопіць. А далей з Божай дапамогай будзем будаваць», — кажа ігумення.
На*сель*ні*цы Свя*та-Мі*коль*ска*га ма*нас*ты*ра пе*ра*жы*ва*юць за бу*ду*чае Пад*мі*кол*ля.
Не парушыць гармонію
Архітэктары супакойваюць. Маўляў, яшчэ ніякіх канкрэтных прапаноў няма. Існуе агульная канцэпцыя развіцця парку. І тое, што пазначана на плане, — гэта толькі прыблізная форма.
Тым не менш, Падміколле сёння перыядычна ператвараецца ў будаўнічую пляцоўку. На момант нашага візіту будаўнікі нешта замацоўвалі на месцы перад гіпатэтычнай фестывальнай пляцоўкай. Яны паведамілі, што прадстаўляюць сабой паважанае ў горадзе прадпрыемства «Лаўсанбуд» і робяць тут уваход у парк. На круглым пятачку непадалёк «квітнее» разгалістае металічнае дрэва з шыльдачкай — «Гораду Магілёву ад студэнцкіх атрадаў».
— Забудова, як бачыце, вядзецца, прычым хаатычная, — кажа Аляксандр Белахвостаў. — Навошта нешта вынаходзіць, калі ёсць магчымасць аднавіць гістарычны воблік гэтага месца? Манастыр хоча аднаўляць Свята-Пакроўскую царкву разам са званіцай архангела Міхаіла — гэта будзе яшчэ адна прыгожая дамінанта Падміколля. Можна зрабіць нейкія дзіцячыя пляцоўкі, гульнявыя зоны, веласіпедныя сцяжынкі, трасіроўкі старадаўніх вуліц з каменю. Калі тут быў Пакроўскі пасад, ад Дняпра да Свята-Мікольскага манастыра ішлі дзве вуліцы — Пакроўская і Мікольская. Можна зрабіць тут і філіял батанічнага саду, каб паказаць разнастайнасць ландшафтных форм Беларусі. Або нешта накшталт Кёкенхофа — квітнеючага парку, як у галандцаў, ды яшчэ этнаграфічна ўсё гэта абыграць.
Вось так бу*дзе вы*гля*даць комп*лекс Свя*та-Па*кроў*скай царк*вы са зва*ні*цай.
Дэпутаты таксама супраць
Зараз лісты з заклікам не будаваць гандлёва-забаўляльны комплекс і фестывальную пляцоўку знаходзяцца на разглядзе і ў Магілёўскім гарсавеце дэпутатаў.
— Мы правялі пашыранае пасяджэнне прэзідыума і абмеркавалі гэту праблему, — кажа старшыня Магілёўскага гарадскога Савета Сяргей Іваноў. — У цэлым канцэпцыю забудовы мы падтрымліваем, але за выключэннем фестывальнай пляцоўкі і шматфункцыянальнага гандлёва-забаўляльнага цэнтра. Хаця яшчэ невядома, якія функцыі будзе несці тая фестывальная пляцоўка. Бо, калі яе выкарыстоўваць, напрыклад, для правядзення канцэртаў фестывалю духоўнай музыкі «Магутны Божа» — гэта зусім іншая справа. Мы на гэта таксама звярнулі ўвагу магілёўскага кіраўніцтва. Калі тут можна прыйсці да нейкага кансэнсусу, будзе цудоўна. Мы за тое, каб усё сапраўды было гарманічна. У любой сітуацыі да праблемы трэба падыходзіць узважана, а не «рубіць» з пляча.
...Пасля нядаўняга візіту Прэзідэнта ідзе дапрацоўка генплана Магілёва. Абласны цэнтр павінен мець сваю «разыначку». Першы крок зроблены — мост цераз Днепр стаў сапраўдным упрыгажэннем горада. Хочацца, каб і з астатнім было не горш. І калі Магілёў нарэшце ўзяўся за будаўніцтва парка ў Падніколлі, трэба, каб ён стаў сапраўдным месцам адпачынку гараджан, у якім будзе ўтульна ўсім — і моладзі, і вернікам, і гасцям.
Звязда